КАМЕ́ННАЕ ЛІЦЦЁ,
базальтавае ліццё, шлакавае ліццё, атрыманне з расплаўленых горных парод (базальту, дыябазу і інш.) або металургічных шлакаў фасонных вырабаў (адлівак), якія маюць уласцівасці прыроднага каменю. Літыя вырабы маюць высокую трываласць, зноса- і кіслотаўстойлівасць. Выкарыстоўваюцца пры вырабе труб, кіслотаўстойлівай апаратуры, матэрыялу для бруку, эл. ізалятараў, абліцовачных плітак, арх.-маст. вырабаў і інш.
Плаўку сыравіны вядуць у ваграначных або ал. пячах пры т-ры 1380—1420 °C, формы для адлівак (керамічныя, метал. ці з фармовачнай зямлі) заліваюць пры 1280—1320 °C, працэс крышталізацыі адбываецца пры 980—1050 °C. У адрозненне ад чорнакаменнага ліцця (з базальту, дыябазу) белакаменнае атрымліваюць з кварцавага пяску і даламіту з дабаўкай плавіковага шпату (адліўкі маюць светлую афарбоўку, вял. трываласць, цвёрдасць і ўстойлівасць; выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні). Гл. таксама Петрургія.
І.І.Леановіч.
т. 7, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)